Муха-Цакатуха
Муха, Муха-Цакатуха,
Залацістая пяюха!
Муха сьцежкаю ішла,
Муха грошыкі знайшла.
На кірмаш – глядзець тавар,
Там набыла самавар:
“Запрашаю, прусакі,
На гарбатку й піражкі!”
Прусакі сьпяшаліся,
Гарбаткі напіваліся,
А кузуркі
Па тры кубкі
З абаранкам,
з малаком:
Сёньня Муха-Цакатуха
імяніньніца!
Потым блошкі прыскакалі
Боцікі прэзэнтавалі.
Боты незвычайныя,
Спражкі дужа файныя.
Завітала ў госьці
Панначка-пчала,
Вузавага мёду
Мушачцы дала...
“Ах, краса-мятлушачка,
Зьежце булкі з макам.
Ці недаспадобы Вам
Нашыя прысмакі?”
Раптам нейкі сівачок
Павучок
Нашу Муху цап –
І ў куток, -
Хоча бедную забіць,
Цакатуху загубіць!
“Дарагія госьці, памажыце!
Злодзея ліхога засячыце!
Частавала я вас,
І паіла я вас,
Не пакіньце мяне
У апошні мой час!”
Ды жукі-чарвякі
Забаяліся,
Па шчылінах-кутох
Разбягаліся:
Пчолкі
У кашолкі,
Жук
У капшук
А кузуркі – за шафу хавацца
Аніяк не жадаюць змагацца!
І ніхто нават
не паварушыцца:
Прападай-памірай.
Маладзіца!
Ну а конік, ну а конік!
Быццам невялічкі коньнік,
Скок, скок, скок!
У хмызьнячок,
За масток -
Ды маўчок!
А злодзей зусім не жартуе,
Павучыньнем ахвяру
Мацуе,
Іклы вострые ў сэрца
Ўсаджае
І кроў ейную выпівае.
Муха крычма крычыць,
Ухіляецца,
Ну а злодзей маўчыць,
Ухмыляецца.
Раптам неадкуль ляціць
Дробненькі Камарык,
У руцэ агнём гарыць
Дробненькі ліхтарык.
“Дзе забойца? Злодзей дзе?
Не схаваецца нідзе!”
Ён ляціць да Павука,
Шаблю ён вымае
І таму на ўсім скаку
Кумпал адсякае!
Муху за руку бярэ
Да вакна яе вядзе:
“Я забойцу перамог,
І табе я дапамог
Ну а зараз, маладзіца,
Я з табой хачу жаніцца!”
Тут кузуркі і казюлькі
Павыходзілі з прытулкаў:
“Слава, слава Камару -
Пераможцу!”
Прыбягалі сьветлякі,
Запалілі аганькі -
Вельмі стала весела,
Вось дык любата!
Сьпяшайцеся, станожкі,
Не шкадуйце ножкі,
Бяжыце па музыкаў,
Будзьма пець, скакаць!
Музыкі прыбягалі,
У бубны грукаталі.
Бом! Бом! Бом! Бом!
Скоча Муха з Камаром.
А за імі Клоп, Клоп
Боцікамі гоп, гоп!
Чарвякі з кузуркамі,
Богаўкі з казюлькамі.
А жукі рагатыя,
Мужыкі багатыя,
З моднымі капелюшамі,
Скочуць борзда з матылямі.
Тара-ра, тара-ра,
Заедзь танчыць гапака.
Весяліцца народзе -
Муха замуж выходзіць
За такога ўдалога,
Маладога Камара!
Мураш танчыць: гэй-гэй!
Не шкадуе лапцей, -
З Мураўіхай скоча
З кузюркамі рагоча:
“Вы кузюрачкі,
Мае любачкі,
Прыга- прыга- прыга- прыга-
Прыгажунечкі!”
Боты скрозь рыпяць,
І абцасы грымяць, -
Пакуль не прыдзе раніца
Будзе заедзь бавіцца:
Сёньня Муха-Цакатуха
Імяніньніца.
"Рэпка" на новы лад
Не у замку, не ў палацы.
А ў старой драўлянай хатцы
Бабка зь дзедам разам жылі.
Жылі добра, не тужылі.
Разам елі, разам пілі,
разам у гарод хадзілі.
Ну дык вось, у тым гародзе -
Ведаць гэта не пашкодзіць -
Пасадзіў дзед неяк рэпу.
Увільготніў добра глебу,
Ускапаў, ўзрыхліў зямліцу,
Даў яшчэ ёй раз напіцца
Ды пайшоў сабе дамоў
З працы пачакаць пладоў.
Агратэхніка, канешне,
Дала вынік самы лепшы:
Рэпка вырасла на славу:
Вышэй плота, вышэй лавы,
Уся жоўтая, бы сонца,
Так і просіцца ў ваконца.
Як пасьпела, дзед прыйшоў,
Каб забраць яе дамоў.
Ірвануў раз, другі, трэці...
Што такое? Ані зь месца!
Мусіць, трэба дапамога.
- Бабка! Выручай старога!
Як жа не дапамагчы?
Бабка кінула пячы,
Падхапілася ды к дзеду.
Сама думае: "К абеду,
Мабыць, будзе рэпа ў нас.
Наямося, ды за квас!"
Падбягае... Штось не так:
Рэпа ў градцы, дзед - як грак,
Разгубіўся, ледзь ня плача.
Баба ж з злосьці ледзь ня скача:
- Ты чаго стаіш, дурны?
Хапай рэпу ды цягні!
Ужо даўно кіпіць у печы.
Ты ж займаешся тут нечым!
Раззлаваўся тут і дзед.
- Што крычыш, як наш сусед?
Паспрабуй сама вазьмі,
Гэту рэпу пацягні!
Гырчыць баба, бы індык:
- Ты мужык ці не мужык?
Я тут буду рэпу рваць,
А ты што ж? Адпачываць?!
Ах, такі ты, растакі!"
Крык ляціць ва ўсе бакі.
Слова - дзед, а баба - два.
Ды сварыліся дарма:
Покуль сварка дагарэла,
Тую рэпку мышка зьела.
Не адна, вядома, з Жучкай,
З Коткай разам ды з Унучкай.
Паглядзелі дзедка з бабкай
На сваю пустую градку
І рашылі, што ўжо болей
Не пасварацца ніколі.
Скрадзенае сонца
Ў небе сонейка гуляла
Ды у хмарах заблукала.
Заінька схаваўся ў дом:
Надта цёмна за вакном!
А сарокі-белабокі
Паскакалі па палёх,
Можа ўдзьвёх, а можа — ўтрох:
"Гора, гора! Кракадзіл
Сваю пашчу разляпіў,
Сонца з неба праглынуў -
Нават вокам не міргнуў!"
Цёмна стала! Ты глядзі,
Далей брамы не хадзі:
Хто на вуліцу папаў -
Заблукаў і прапаў!
Плача шэры верабей:
"Выйдзі, сонейка, хутчэй!
Без цябе мы у бядзе:
Не знайсці зярнят нідзе!
І трусы заплакалі:
"Мы ў бяду патрапілі!
Ў цемры сцежак не знайсці
І да дому не дайсці!"
Толькі шэрыя ваўкі
Ў цёмнным яры ля ракі
Выюць, водзяць карагоды.
Цемра ім — не перашкода!
Рана-рана два бараны
Грукаць пачалі у браму:
Трам-там-там-там-там!
"Гэй, звяры, выходзьце дружна!
Кракадзіла трэ' адужыць,
Яму пашчу адамкнуць,
Ў неба сонейка вярнуць!"
Ды калматыя баяцца!
"Дзе ж нам з гэтакім змагацца!
Ён жа страшны, ён ікласты,
Ён жа сонца не аддасць нам!"
Да мядзведзя пабеглі ў бярлог:
"Хопіць лапу смактаць, абібок!
Колькі можна ў бярлогу ляжаць!
Трэба сонейка йсці вызваляць!
Біцца ў Міхала мала ахвоты:
Ходзіць-бродзіць ён па балотах,
Па гушчарах блукае глухіх,
Кліча медзведзянятак сваіх.
"На каго ж мяне, таўсматыя, кінулі!
Можа ў чорным вы балоце загінулі?"
А мядзведзіца па лесе блукае,
Ва весь голас свой магутны гукае:
"І куды ж вы, куды ж вы прапалі!
Можа, дзесьці ў канаву упалі?
Ці шалёныя недзе сабакі
Вас парвалі, мае небаракі?"
Дзень і ноч так па лесе і ходзіць,
Але дзетак нідзе не находзіць.
Пугачы адны з цёмнае ночы
На яе павылупвалі вочы.
Тут зайчыха выбягала
І мядзведзю так казала:
"Сорамна табе равець!
Бо не трус ты, а мядзведзь!
Ты пайшоў бы, касалапы,
Ды пачвару ту падрапаў!
Разарві яго на часткі,
Сонца вызвалі ты з пасткі!
А калі заззяе ў небе
Сонца — будзе ўсё як трэба!
Маляты твае калматыя,
Таўстапятыя, таўсматыя,
Самі з лесу прыбягуць:
"Прывітанне, мы ўжо тут!"
Устаў мядзведзь, зароў мядзведзь.
Да Глыбокай ракі пабег мядзведзь.
А ў Глыбокай рацэ кракадзіл ляжыць,
І ў зубах яго не агонь гарыць -
Сонца краснае,
Сонца скрадзенае.
Стаў мядзведзь на берагу,
Сам аддыхаўся крыху.
"Ну-ка, злодзей, раскрывай
Рот і сонца выпускай!
Нарабіў няшчасця!
Трэба ж — сонца скрасці!
Прападае свет дарма,
А яму й бяды няма!"
Кракадзіл адно смяецца,
Ажно ўсё наукол трасецца:
"Захачу — яшчэ і Месяц
З'ем і зоркі стану есці!"
Не стрываў мядзведзь, зароў мядзведзь.
І на ворага наляцеў мядзведзь.
Падмяў яго, заламаў яго:
"Аддавай назад наша сонейка!"
Напужаўся кракадзіл,
Як зароў, загаласіў...
З пашчы сонца вывалілася,
Проста ў неба выкацілася,
І пабегла па кустох,
Па бярозавых лістох.
Сталі птушкі шчабятаць,
За казюркамі лятаць.
І трусы на мяккай траўцы
Сталі бегаць і скакаць.
І ужо мядзведзяняты,
Бы малыя кацяняты,
Да бацькоў сваіх бягуць:
"Мама, тата, вось мы, тут!"
Рады хлопцы і дзяўчаты,
Трусяняты, бельчаняты.
Абдымаюць ды цалуюць касалапага:
"Дзякуем табе, Міхась, за наша сонейка!"
Мыйдадзір
Коўдра з ложка,
Як на ножках,
Паскакала да дзвярэй.
І падушка з прасціною
Без аглядкі ўслед за ёю
Паімчаліся хутчэй.
Я за свечку,
Свечка - ў печку!
Я за кніжку,
Але - дзе там! -
І яна за імі следам
Скок ды скок
І - наўцёк!
Я хачу напіцца чаю,
К самавару падбягаю,
А пузаты з усіх ног
Уцякае за парог.
Што такое?
Што такое?
Што тут робіцца ў пакоі?
І чаму
Усё кругом
Закруцілася круцёлкай
Ды памчалася бягом?
Стол
за лыжкай,
Бот
за кніжкай,
Качарга
за пірагом -
Мітусіцца ўсё
І скача,
І ляціць усё кулём.
Раптам з мамінай са спальні,
Перапоўнены вадой,
Выбягае умывальнік
І ківае галавой:
"Ах ты, брыдкі, ах ты, брудны,
Не хлапчук, а парася!
Ты чарней за камінара!
Падзівіся на сябе:
У цябе на шыі сажа,
У цябе на носе каша.
Ты ж увесь такі мурзіла,
Што і кніжкі і чарніла
Паўцякалі ад цябе.
На світанні, раніцою,
Чыста мыюцца вадою
Мышаняты й качаняты,
І конікі-скакуны. (і вялікія сланы)
Ты адзін не любіш мыцца,
І няма чаго дзівіцца,
Што ўцякаюць ад мурзілы
І панчохі і штаны.
Я - Вялікі Умывальнік,
Я - Вядомы Мыйдадзір,
Умывальнікаў Начальнік
І вяхотак Камандзір!
Варта тупнуць мне нагою,
Варта толькі мне гукнуць,
Дык сюды усёй гурбою
Умывальнікі ўбягуць
І цябе тут з галавою
У балею акунуць!"
Стукнуў ён у медны таз
І гукнуў: "Кара-барас!"
І адразу шчоткі, шчоткі
Затрашчалі, як трашчоткі,
І давай мяне мыць,
Прыгаворваючы:
"Мыем, мыем мы мурзілу,
Мыем, мыем камінара:
Ваксу, сажу і чарніла
Адмываем чыста з твару!
Будзе, будзе камінар
Аж блішчэць, як самавар!"
Тут падскочыла і мыла,
Уплялося ў валасах,
Вочы пенаю закрыла
І кусае, як асва.
Ад вяхоткі ашалелай
Я памчаўся, покуль цэлы,
А яна за мной, за мной
Па Садовай, па Сянной.
Я па вуліцы да саду,
А яна за мною ззаду
Ўсё імчыцца ды імчыцца
І кусае, як ваўчыца.
Аж насустрач мой харошы,
Мой любімы Кракадзіл.
Ён з Татошай і Какошай
Па прысадах тут хадзіў.
І вяхотку праглынуў -
Нават вокам не міргнуў.
А пасля як зараве на мяне,
Як затупае нагамі на мяне:
"Лепш вярніся ты дахаты, - кажа ён, -
Бо калі я налячу, - кажа ён, -
Дык, як муху, растапчу!" - кажа ён.
Тут я куляю памчаўся дамоў,
І прыбег я да ўмывальніка зноў.
Мылам, мылам,
Мылам, мылам
Мыліць твар я свой пачаў,
Змыў і сажу, і чарніла,
І, як снег, бялюткі стаў.
І штаны мае тым часам
Скок у рукі мне адразу,
А за імі піражок,
Кажа: "З'еш мяне, браток!"
А за ім і бутэрброд:
Прыляцеў - ды проста ў рот!
Тут і кніжкі прыскакалі,
І алоўкі у пенале
Заспявалі ад душы:
"Вось цяпер - чытай, пішы!"
Сам Вялікі Умывальнік,
Найслаўнейшы Мыйдадзір,
Умывальнікаў Начальнік
І вяхотак Камандзір,
Навакол мяне танцуе,
У шчаку мяне цалуе,
На калені пасадзіў:
"Вось цяпер цябе люблю я,
Вось цяпер цябе хвалю я!
Бо нарэшце ты, мурзіла,
Мыйдадзіру дагадзіў",
Раніцою і увечар
Трэба чыста мыцца нам,
А мурзілам скажам гэтак:
"Сорам вам!
Сорам вам!"
Няхай жыве мыла духмянае,
І ручнікі ільняныя,
І грабяні густыя,
І шчоткі зубныя!
Дык будзем жа мыцца, купацца,
Плаваць, ныраць і куляцца
У ночвах, балеі, у ванне,
У лазні, ў рацэ, ў акіяне, -
Ўсюды няхай пагалоска ідзе:
- Вечная слава вадзе!
Пераклад А. Якімовіча
Мыйдадзіркін
Раз прачнуўся я у ложку,
Думаў паваляцца трошкі,
Ды падушка — на падлогу,
З ёю коўдра у дарогу,
Посцілка ляціць пад столь -
Што за жартачкі са мной?
Я за свечку — свечка ў печ!
Я за кніжку — тая прэч,
Скок ды скок — у куток!
Я хачу папіць гарбаты.
Дзе мой самавар пузаты?
Падбягаю — але ж не!
Прэч збягае ад мяне!
Што ж такое адбылося?
І чаму усё наукола
Пераблыталася проста,
Закруцілась, нібы кола?
Нагавіцы з рукавіцамі
Паляцелі за нажніцамі.
А нажніцы — за паліцаю,
А паліца — за катом!
Ўсё нясецца, ўсё нясецца,
Мне у рукі не даецца!
Перавернуты ўвесь дом!
Раптам, сам у пене мыльнай
Ды з кульгаваю нагой,
Лезе з ваннай рукамыйнік
Ды ківае галавой:
"Ах ты, брудны, ты, мурзаты!
Як нямыты падсвінак!
А нячэсаны, калматы!
Нельга, нельга, нельга так!
У цябе на шыі — вакса,
У цябе пад носам — клякса,
На руках такія кіпці,
Ажно збеглі рукавіцы!
Ўбачыўшы такія пяты,
Боты проста зніклі з хаты!
Нават боты, нават боты
Напужаліся брудноты!
Кожны зранку падымаецца
Ды адразу ж умываецца!
Хто ў рацэ, а хто — ў расе.
Зранку мыюцца усе:
Звераняты, птушкі, людзі…
Ты адзін увесь у брудзе!
Ад цябе усе збягаюць,
Стаць і побач не жадаюць!
Я кірую цэлым войскам
Рукамыйнікаў, каўшоў,
Шчотак ды мачалак розных,
Паласатых ручнікоў!
Варта клікнуць мне жаўнераў,
Варта толькі загадаць -
Той жа момант у кватэру
Рукамыйнікі ўляцяць!
Стануць тупаць ды скакаць,
У ваду цябе макаць!
Галасі не галасі -
Тут ты рады не дасі!
Бразнуў ён у медны таз
Ды зароў: "Карабарас!"
І адразу цёткі-шчоткі
Затрашчалі, бы трашчоткі,
Сталі церці мяне:
"Будзеш мыцца ці не?
Нават тых, хто комін чысціў,
Мы адмыем чыста-чыста!
Пашаруем трохі —
Станеш ты чысцёха!"
Тут падскочыла і мыла,
Стала мыліць валасы.
Так у воку зашчаміла -
Быццам джгнулі дзве асы!
Ад мачалкі звар'яцелай
Я ляцеў, ляцеў, ляцеў…
Праз дарогу, па кустах,
Па завулках, па дварах,
Перабег цераз гарод,
Пераскочыў цераз плот…
А яна за мной імчыцца
Ды грызе, нібы ваўчыца!
Кракадзіл, з маіх сяброў,
З дзецьмі па алее йшоў.
Толькі здзіўлена раўнуў
І мачалку каўтануў!
Нібы каўку, нібы каўку,
Нібы каўку, каўтануў!
Ну, а потым зарычэў на мяне,
Гэтак злосна закрычэў на мяне!
"Ну-ка, прэч, ідзі дамоў!"— кажа мне.
"З мылам твар ды рукі мой!"— кажа мне.
"А сустрэну непамытага зноў -
Праглыну без непатрэбнае слоў!"
Прыпусціў я, як ніколі не бег!
Дома хуценька у ванну забег,
Мылам, мылам, мылам, мылам
Твар ды шыю мыў бясконца!
Змыў і ваксу, і чарнілы -
Аж заззяў нібыта сонца!
Падляцелі нагавіцы,
Папрасілі: "Апраніце!"
Тут і дранікі ў смятане
Просяцца у роцік самі,
Разам і сшыткі ды алоўкі
У партфель палезлі лоўка!
Сам Вялікі Рукамыйнік,
Мыйных Сродкаў Кіраўнік,
Як мяне агледзеў пільна,
Падарыў мне свой ручнік.
Ён мяне пацалаваў,
Ён мяне павіншаваў:
"Вось такім цябе люблю я!
Вось такім цябе хвалю я!
Бруд нарэшце ты адмыў,
Мне, старому, дагадзіў!"
Трэба мыцца ды купацца!
Дружна скажам хорам:
Тым, хто брудны ды нямыты -
Сорам, сорам, сорам!
Вітаем мыла духмянае
Ды ручнікі ільняныя!
Вітаем зубную пасту,
Вітаем грабеньчык часты!
Дык будзем жа мыцца, купацца
Ці проста вадой аблівацца
У рэчцы, у моры, у ванне,
У сажалцы, у акіяне,
У душы, у бочцы, ў вядзерцы,
У возеры — дзе давядзецца!
У брудзе не будзем нідзе!
Вечная слава вадзе!
паводле К.Чукоўскага — Алена Церашкова
Фядорына гора
Скача сіта па палях,
А начоўкі па лугах.
За лапатаю мятла
Ўздоўж па вуліцы пайшла.
А сякеры – раз, два, тры –
Так і cыплюцца з гары.
Каза выскачыла,
Вочы вылупіла:
«Што такое? Дзе і як?
Ну не разумею я!»
Ды, як чорная жалезная нага,
Вунь пабегла, паскакала качарга.
І панесліся па вуліцы нажы:
"Гэй, трымай, трымай, трымай!" – каля мяжы.
Вось і рондаль бяжыць,
Гучна прасу ён крычыць:
«Я бягу, бягу, бягу,
Прыпыніцца не магу!»
Вось і імбрычак за чайнікам бяжыць,
І балбоча, і балбоча ды трымціць.
Прасы бягуць ды вохкаюць,
Праз лужыны, праз лужыны пераскокваюць.
А за імі сподкі, сподкі -
Дзынь-ля-ля! Дзынь-ля-ля!
Уздоўж па вуліцы нясуцца -
Дзынь-ля-ля! Дзынь-ля-ля!
На шклянкі - дзынь! - натыкаюцца,
І шклянкі - дзынь! - разбіваюцца.
З гучным грукатам патэльня ўслед бяжыць:
«Вы куды? куды? куды? куды?» - крычыць.
А за ёй талеркі,
Чаркі ды бутэлькі,
Кубачкі ды лыжкі
Скачуць па сцяжінцы.
А з акенца вываліўся стол
І пайшоў, пайшоў, пайшоў, пайшоў, пайшоў ...
А на ім, ты зірні,
Нібы вершнік на кані,
Самаварышча сядзіць
І сябрам сваім крычыць:
«Уцякайце, бяжыце, ратуйцеся!»
І ў жалезную трубу:
«Бу-бу-бу! Бу-бу-бу!»
Уздоўж плота следам скора
Мчыць бабуля, мчыць Фядора:
«Вой-ой-ой! Прыпыніцеся!
Ды дахаты вярніцеся!»
А начоўкі кажуць проста:
«Мы на Фядору злосныя!»
І сказала качарга:
«Я Фядоры не слуга!»
Парцалянавыя сподкі
У адказ смяюцца толькі:
«Нізавошта мы ізноў
Не павернемся дамоў!»
Але бабіны каты
Натапырылі хвасты,
Што ёсць моцы бягуць,
Толькі б посуд вярнуць:
«Гэй, талеркі, што ж вы з горкі
Паскакалі, як вавёркі!
Ці ж вам бегаць за варотамі
З вераб'ямі жаўтаротымі?
Можаце ў яму ўпасці
Ці ў дрыгве якой прапасці!
Не хадзіце, пачакайце,
І вяртайцеся дамоў!»
Ды талеркі пнуцца-мкнуцца,
А Фядоры не даюцца:
«Лепш у полі застанемся,
Чым з Фядорай апынемся!»
Міма курыца йшла-спяшалася,
З посудам тым сустракалася:
«Куд-куды! Куд-куды!
Вы адкуль і куды?!»
Посуд кажа: «То не цуда,
Нам жылося ў бабы худа,
Не любіла нас яна,
Біла, біла нас яна,
Запыліла, засмаліла,
Загубіла нас яна!»
«Ко-ко-ко! Ко-ко-ко!
Жыць нялёгка вам было!»
"Так, - прамовіў медны таз, -
Ты зірні блжэй на нас:
Мы паламаныя, бітыя,
Памыямі мы аблітыя.
Зазірні ты ў кадушку -
ўбачыш жабу-зелянушку.
Зазірні разок у цэбар -
Прусакі там, як і трэба.
Цераз тое мы ад бабы
Ўцяклі, нібы ад жабы,
Шпацыруем па палях,
Па балотах, па лугах,
Да бруднухі-шмаравоза
Мы не вернемся!»
І пабеглі яны лясочкам,
Паскакалі яны праз пянёчкі
А бедная баба - адна,
І плача, і плача яна.
Села б баба за стол,
Ды стол за вароты сышоў.
Зварыла б яна капусняк,
Ды рондаль не знойдзе ніяк!
І кубкі пабеглі, і шклянкі –
Прусакі гаспадараць у бабкі.
Вой, гора Фядоры, гора!
А посуд наперад ў сваёй грамадзе
Па палях, па балотах ідзе.
І чайнік шапнуў на бягу:
«Я далей ісці не магу».
Ды заплакалі сподкі:
«Мо веремся да Фядоркі?!»
Начоўкі заенчылі ціха:
«Пабітыя мы, вось дык ліха!»
Ды кажа паднос: «Глядзіце! Здаецца,
Што нехта ззаду за намі пляцецца?»
І бачаць: аднекуль з-за цёмнага бору
Ідзе-шкандыбае баба Фядора.
Але неяк цудоўна змянілася:
Палагаднела і нават памылася.
Сціпла за імі ідзе
І ціхую песню пяе:
"Ой вы, бедныя сіроткі мае,
Ой вы, прасы і патэльні мае!
Вы вяртайцеся, гаротныя, дамоў,
Я пачышчу вас, памыю пагатоў.
Я вадзічкай ды пясочкам
Вас памыю вечарочкам,
Чыста будзеце стаяць,
Нібы сонейкі, блішчаць.
А паганых пацукоў я павыведу,
Прусакоў і павуцінне павымету!»
Чайнік тут гаворыць:
«Шкадую я Фядору!»
Сподкі ўсміхнуліся:
«Мы б дамоў вярнуліся!»
Прасы мовілі-такі:
«Бабцы мы не ворагі!»
Доўга, доўга цалавала
І лашчыла іх яна,
Мыла, мыла, палівала,
Паласкала іх яна.
«Ўжо не буду, ўжо не буду
Посуд крыўдзіць, разбіваць.
Буду, буду я мой посуд
І любіць і шанаваць!»
Рондлі галавой крутнулі,
Самавару падміргнулі:
«Ну, Фядора, добра, значыць,
Рады мы табе прабачыць!»
Паляцелі,
Зазвінелі –
Шась у хату ды да печы,
Смажыць пачалі ды пекчы.
Будуць, будуць у Фядоры і бліны і пірагі!
А вясёлая, вясёлая мятла
Заскакала, зайграла, замяла,
Ні парушынкі ў Фядоры не пакінула.
І ўзрадваліся сподкі:
Дзынь-ля-ля! Дзынь-ля-ля!
І танцуюць і смяюцца -
Дзынь-ля-ля! Дзынь-ля-ля!
А на беленькім на століку,
Ды на вышытым настольніку,
Самавар стаіць,
Нібы жар гарыць,
І пыхкаючы, на бабу паглядае:
«Я Фядорачцы дарую,
І гарбатай пачастую.
Еш ды пі, Фядора Ягораўна!»
Пераклаў Максім НАДТАЧЭЙ